Смачна жыць па-беларуску: брэнды з нацыянальнай адметнасцю

01.08.2017

Нацыянальная адметнасць дадае брэндам маркетынгавай каштоўнасці. Сёння беларуская камунікацыя ў брэндынгу зрабілася прыкметай прагрэсіўнасці, спосабам «быць на хвалі», а найбольш — знакам годнасці, павагі да спажыўцоў. Зараз гэта сродак вылучыцца на рынку і дадаць прадукту своеасаблівай элітарнасці.

Узгадайце нядаўнія камунікацыі банкаў, аператараў сувязі (сярод апошніх: MOVABOX ад velcom, «Ясна» ад Белтэлекам), буйнейшых прадуктовых рытэйлераў (беларускамоўныя касы ў «Еўраопт», карты лаяльнасці «Асоба» ад «Гіппа») альбо сетку заправак «А-100», што пачала размаўляць са спажыўцамі па-беларуску. Паказальны вопыт «Лідскага піва», калі буйны вытворца перайшоў на беларускую мову пасля аналізу пажаданняў спажыўцоў.

«Калі на тавары ёсць беларуская мова, то яна адразу прыцягвае ўвагу. І гэтым многія бізнесмены карыстаюцца, не баяцца ўключаць беларускую мову. Напрыклад, цукар «Цудоўная цукерня» – людзі хутчэй разбіраюць яго, чым той, што аформлены па-руску», — Алена Анісім, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы (эфір радыё «Сталіца»).

Узгаданая «Цудоўная цукерня» — брэнд, распрацаваны нашай агенцыяй, — атрымала шэраг узнагарод на рэкламных фестывалях, але найбольш значнай стала перамога на самым аўтарытэтным конкурсе дызайну ўпакоўкі свету — PENTAWARDS 2016. Упершыню за дзесяцігадовую гісторыю PENTAWARDS узнагароду атрымаў беларускамоўны брэнд!

Да таго ж, варта памятаць, што шмат якія беларускія харчовыя прадукты ў Беларусі і за мяжой асацыіруюцца з сумленнай якасцю. Таму сёння нацыянальныя акцэнты ў вобразе гандлёвай маркі, падкрэсліваючы яе беларускае паходжанне, падкрэсліваюць і  маркетынгавую перавагу.

Як жа могуць выглядаць сучасныя беларускія брэнды? Вось самыя знакамітыя нацыянальна арыентаваныя праекты Fabula Branding апошняга часу. Апроч «Цукерні», гэта гандлёвыя маркі «Сафійка», «Вітаем!», «Добрая жонка», «Сёлета».

Сёлета.jpg

«Сёлета»: гандлёвая марка сочыва для Слуцкага цукрарафінаднага камбіната

Нэйм «Сёлета» – трапнае беларускае прыслоўе, якое не мае эквіваленту ў рускай мове – азначае «у гэтым годзе» і добра перадае ідэю свежага, толькі-толькі зваранага сочыва з сёлетняга ўраджаю ягад.

У аснове дызайн-канцэпту – аўтарская акварэльная ілюстрацыя ягады – маркера смаку, якая выглядае настолькі апетытна, што здаецца намаляванай ягадным сокам. Прычым ягада наўмысна гіперпавялічана, каб узмацніць ідэю выключнай натуральнасці складу сочыва. Белы шрыфтавы лагатып добра бачны здалёк, а статусны радок «Беларускае сочыва» заяўляе як катэгорыю, так і краіну-вытворцу прадукту.

Добрая жонка.jpg

«Добрая жонка»: гандлёвая марка бакалейнай прадукцыі для ААТ «Мінбакалеягандаль»

Праект, які сабраў надзвычай вялікую колькасць праглядаў, лайкаў і станоўчых каментарыяў на Behance не толькі ад суайчыннікаў, але і, што паказальна, ад шматлікіх замежнікаў.

Прывабны, гумарыстычны, гіпербалізаваны вобраз спрытнай гаспадыні-беларускі прыцягвае ўвагу, выклікае ўсмешку і адначасова давер. «Дзелавітая» жанчына паўстае ў якасці аўтарытэтнай асобы, што разбіраецца ў прадукце і раіць лепшае, у нашым выпадку — пэўную гандлёвую марку. «Добрая жонка» размаўляе з пакупнікамі мовай трапных беларускіх народных прымавак, якія выкарыстаны ў якасці слоганаў.

Вітаем!.jpg

«Вітаем!»: гандлёвая марка паўцвёрдых сыроў для Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната

Гандлёвая марка арыентавана ў асноўным на экспарт у краіны СНД — таму абапіраецца на традыцыйныя беларускія каштоўнасці: ветлівасць, адкрытасць і гасціннасць. Адсюль і назва — «Вітаем!».

У абагульненым вобразе «сырнага» беларуса ўвасобіўся брэнд-персанаж. Так артыстычна перададзены лепшыя якасці нацыянальнага менталітэту: гасціннасць, добры настрой, весялосць і гумар. Саламяныя валасы, вусы і барада, рабацінкі на носе, шырокая ўсмешка – атрымаўся гэтакі пазітыўны вобраз гасціннага беларускага гаспадара, вясёлага і прыветлівага. Звярніце ўвагу — поле «вусоў» выступае ў якасці прадуктовага акна.

Сафійка.jpg

«Сафійка»: гандлёвая марка малочнай прадукцыі для Полацкага малочнага камбіната

На што звяртаюць увагу пакупінкі? Гэта графічная выява Сафійскага сабора і аўтарская ілюстрацыя. Шматзначная назва, з аднаго боку, выклікае асацыяцыі з Полацкам (Сафійкай спрадвеку называлі Сафійскі сабор − сімвал горада). Але нейм можа трактавацца і як папулярнае імя дзяўчынкі, брэнд-персанажа гандлёвай маркі. Бо Сафійка — знаёмая, блізкая, родная, магчыма дачка, унучка, сястра ці суседка. Так брэнд гаворыць аб пяшчоце, любові, клопаце аб блізкіх і іхнім здароў'і.

Асноўныя ідэі канцэпцыі — падкрэсленая рэгіянальнасць і пашана да сямейных каштоўнасцей. Эмацыянальная гісторыя на этыкетцы і ласкавае гучанне нейма ствараюць вобраз якаснага мясцовага прадукту са слаўнай гісторыяй, які яднае людзей і сям'ю.

tsudounaya_tsukernya (2).jpg

«Цудоўная цукерня»: гандлёвая марка цукру для Скідзельскага цукровага камбіната

Назва «Цудоўная цукерня» утворана на аснове прыгожага старадаўняга беларускага слова «цукерня», якое ў некалькiх славянскiх мовах азначае «кафэ-кандытарская». Корань «цукар» імгненна заяўляе катэгорыю прадукту, а мяккае гучанне слова  выклікае асацыяцыі з «салодкім», утульным і атмасферным месцам.

Моўная гульня, казачны «салодкі» характар назвы і слогана – «Салодзім з асалодай» – падтрымліваюцца і ў дызайне. Беларуская канцэпцыя брэнда не толькі падкрэслівае нацыянальны каларыт традыцыйнага прадукту, але і вылучае яго на паліцы сярод канкурэнтаў.

«Калі мы пачыналі распрацоўваць гандлёвую марку цукру для Скідзельскага цукровага камбіната, у нас не было ніякіх сумневаў у тым, што новы брэнд будзе беларускім. Уявіце, на паліцы з цукрам дагэтуль не было ніводнага яркага, тым больш беларускага, брэнду, і гэта вельмі слушны аргумент на карысць нацыянальнай камунікацыі. У самім брэндынгу нам менш за ўсё хацелася ісці шляхам вышыванкі і іншых папулярных зараз нацыянальных атрыбутаў, менавіта па прычыне іх масавага ўжывання. Стварыць ДНК брэнда, які размаўляе па-беларуску, немагчыма без унікальнай назвы і такога ж унікальнага дызайну. Я ўпэўнена, што магчымасці беларускай мовы ў брэндынгу бязмежныя. У нас не словы, а музыка, і тое, што патэнцыял нашай мовы яшчэ не раскрыты ў гэтай галіне, толькі падштурхоўвае ствараць на ёй яркія брэнды», — Вольга Кашкан, крэатыўны дырэктар Fabula Branding.

Падрабязней пра стварэнне брэнда «Цудоўная цукерня» можна даведацца тут.

Fabula Branding заўсёды была і застаецца беларускаарыентаванай агенцыяй. Мы сапраўды ўлюбёныя ў нашую культуру і атрымліваем асаблівую асалоду, працуючы над беларускамоўнымі праектамі. Хочацца падзякаваць людзям, без якіх узгаданыя брэнды не існавалі б, а менавіта нашым замоўцам — за давер і ўзгадненне беларускіх канцэпцый.

Прыходзьце і вы — будзем рабіць беларускае! На карысць усім.

 

×
Расскажем о сильных и слабых сторонах вашего бренда