Pole Kvetak

Брыф
«Беларускі лён» ад Аршанскага льнокамбіната — знакаміты беларускі брэнд. Без структураванай сістэмы айдэнтыкі і з іменем, ролю якога выконваў маркер катэгорыі, прадукцыя улюбіла ў сябе шырокую аўдыторыю. Усё дзякуючы якасным матэрыялам і шырокаму выбару, сярод якога кожны мог знайсці тое, што падабаецца.


Надышоў час стварэння поўнавартаснага брэнда для легендарнай гандлёвай маркі, вядомай у Беларусі і прадстаўленай на рынках краін бліжняга замежжа.
Брэнда, які не проста прадае льняныя вырабы, а прадстаўляе беларускую культуру, традыцыі і нацыянальную ідэнтычнасць на міжнароднай арэне.

Даследаванні і аналітыка
Каманда Fabula Branding правяла глыбокае даследаванне рынку, прааналізавала паводзіны спажыўцоў і канкурэнтаў, правяла інтэрв’ю з партнёрамі і пагрузілася ў працу ўсіх аддзелаў льнокамбіната. На падставе атрыманых дадзеных былі сфармуляваны рэкамендацыі для развіцця брэнда, удасканалення ўзаемадзеяння ўнутры каманды і паляпшэння іміджу.


Так вызначылася галоўная мэта працы: зрабіць брэнд сапраўднай нацыянальнай каштоўнасцю Беларусі.


Лён — матэрыял, што не патрабуе вычварнасці. Ён самадастатковы, як сама прырода, якой абавязаны сваім паходжаннем.
Пазіцыянаванне
«Прыродная раскоша простасці. Прыродная раскоша натуральнасці» — гэта пазіцыянаванне, якое прадстаўляе нацыянальны беларускі брэнд.


Любоў да льняных вырабаў закладзена ў генетычным кодзе беларусаў. На нашых землях яго вырошчвалі з даўніх часоў. З яго шылі адзенне, стваралі дзіцячыя цацкі, выраблялі прадметы побыту, аксесуары і ўпрыгажэнні. Ён знайшоў сваё адлюстраванне ў народных прымаўках, песнях і творах класікаў, стаў часткай беларускай культуры.
Каманда камбіната працягвае справу беларускіх майстроў, захоўваючы і развіваючы прынцыпы працы з гэтым унікальным прыродным матэрыялам.
Брэнд ад Аршанскага льнокамбіната — гэта павага да традыцый. Кожны выраб нясе ў сабе любоў і клопат шматлікіх пакаленняў. Кожны выраб прыгожы, тактыльна прыемны і настолькі даўгавечны, што можа перадавацца ў спадчыну — а з ім цёплыя ўспаміны і моманты, праведзеныя разам. Гэта і ёсць сапраўдная раскоша — асабліва ў наш час, калі пераважае хуткі тэмп жыцця і празмернае спажыванне.


Так «вырасла» Pole Kvetak — назва, напоўненая любоўю да роднай зямлі, якая стварае эмацыйны і запамінальны вобраз.
Нэйм і слоган
Працуючы над назвай брэнда, які мае асаблівае значэнне для Беларусі, каманда шукала простыя, цёплыя і родныя словы.

Pole Kvetak — гэта аўтэнтычная прастора, што стагоддзямі фарміравалася ў Беларусі. Яна разрасталася, рабілася мацней, убіраючы ў сябе гісторыі і традыцыі мясцовых людзей. І цяпер, у руках майстроў, раскрылася ў поўнай меры, ператвараючыся ва ўнікальныя натуральныя і прыгожыя вырабы. Глыбокія сэнсы, закладзеныя ў назву, працягвае трансляваць слоган «Мой родны лён». Гэта спасылка на знакаміты верш Якуба Коласа, які вядомы кожнаму беларусу са школы.


Натхняючыся назвай, каманда агенцыі стварыла брэнд-легенду, прэзентацыю для супрацоўнікаў і кліентаў, а таксама яскравыя камунікацыйныя пасылы: «Сэрцу мілыя тканіны», «Натуральна і кранальна», «Сапраўдныя каштоўнасці», «Ласкавага ільну замілаванне», «Прырода маёй душы» і іншыя. А вербальная канструкцыя «Беларускі лён» была пераўтворана ў падрадкоўнік, які распавядае пра катэгорыю прадукцыі, падкрэсліваючы яе нацыянальную ідэнтычнасць.


Адзінства і гармонію прыроды агенцыя перадала праз простую геаметрычную форму — ромб. Яго дызайнеры ўбачылі і ў форме льнянога поля, і у кветцы лёну.
Айдэнтыка
Такая рэкурсія стала асновай стылеўтваральнага элемента: ромбы спалучаюцца ва ўзоры, што адсылаюць да беларускіх народных арнаментаў і традыцыйнай вышыўкі. Фірмовы стыль заснаваны на спалучэнні крафтавых тэкстур, спакойнага зялёнага колеру і чорна-белых фотапейзажаў. Галоўны акцэнт — мінімалістычны шрыфт, які надае сучаснасць і лёгкасць візуальнай камунікацыі.


Каб даць новаму брэнду моцны старт, агенцыя распрацавала Welcome Book, афармленне ўпакоўкі, бордаў і іншых носьбітаў. А таксама логабук, які палягчае брэндаванне і дапамагае кліенту ствараць новыя POSM.


Да рэбрэндынгу Pole Kvetak не меў адзінай сістэмы візуальнай і вербальнай камунікацыі. Fabula Branding прывяла яго да цэласнасці, зрабіла пазнавальным для аўдыторыі.


Для стварэння цёплай эмацыйнай сувязі брэнда з кліентамі быў распрацаваны вобраз «Стыліст хатняй утульнасці».
Pole Kvetak — гэта лад жыцця, дзе галоўнымі каштоўнасцямі становяцца практычнасць, якасць і прыгажосць дэталяў. Pole Kvetak перадае сапраўднасць эмоцый, пачуццё бяспекі і камфорту. Гэта брэнд, які заўсёды побач — клапоціцца пра хатнюю ўтульнасць, стварае прыгажосць навокал. І, вядома, размаўляе са сваёй аўдыторыяй, натхняючы яшчэ больш любіць сваю краіну.


Фотаздымка і фотагайд
Fabula Branding правяла маштабную іміджавую фотаздымку і распрацавала фотагайд — надзейны інструмент, які дапаможа кліенту падтрымліваць візуальную цэласнасць брэнда ў будучыні. Асноўная ідэя — перадаць пачуццё прысутнасці чалавека, калі яго на самой справе ў кадры няма.


«Трэба было стварыць візуальны баланс: кадры павінны быць стыльнымі, эстэтычнымі, але без празмернай пастановачнасці, каб захаваць натуральнасць брэнда».
Аляксей Каржанец, фатограф Fabula Branding
«Падрыхтоўка да здымкаў пачалася з дэталёвага падбору лакацый. Нам было важна перадаць універсальнасць ільняных вырабаў, паказаць іх натуральную прысутнасць у паўсядзённым жыцці — ад кухні і сталовай да спальні і прыбіральні. Мы праглядзелі больш за дзесяць студый і іх інтэр'ераў, адбіраючы тыя, што найлепш перададуць атмасферу ўтульнасці і прыгажосці натуральных тканін. Паралельна вялася праца з рэквізітам: кожны аксэсуар падбіраўся з улікам тэкстуры і каляровай гамы, каб усё гарманічна спалучалася і ўзмацняла вобраз брэнда».


Аляксей Каржанец, фатограф Fabula Branding
«На здымачнай пляцоўцы зладжаная праца каманды кліента і дакладна спланаваны працэс дазволілі дасягнуць выдатнага выніку. Кадры атрымаліся разнастайнымі па характары і настроі — дзякуючы розным спосабам асвятлення, сцэнаграфіі і тэхніцы. У некаторых выпадках мы стваралі інтэр’еры з нуля, каб максімальна адпавядаць канцэпцыі і падкрэсліць унікальнасць прадукцыі. Але галоўным кампанентам, які задаў тон усёй фотасесіі, стаў сам прадукт. Яго натуральнасць, лаканічнасць і фактурнасць напоўнілі прастору атмасферай утульнасці і цяпла, ператвараючы кожны кадр ў жывое адлюстраванне філасофіі брэнда».


Канцэпцыі карпаратыўнага і іміджавага ролікаў
Агенцыя распрацавала канцэпцыі карпаратыўнага і іміджавага відэа, якія сталі асновай для стварэння атмасферных і натхняльных ролікаў. Яны глыбока раскрываюць сутнасць абноўленага брэнда, перадаюць яго каштоўнасці, эстэтыку і эмоцыі.


Вынікі
Што даў рэбрэндынг кліенту і прадукту?
- «Беларускі лён» трансфармаваўся ў брэнд Pole Kvetak, што дазволіла глыбей раскрыць яго сутнасць, вобраз і сэнсы.
- Прадукцыя атрымала нацыянальную ідэнтычнасць і стала сапраўдным сімвалам беларускага льну.
- Айдэнтыка і камунікацыя цяпер працуюць на пазнавальнасць і прасоўванне як у Беларусі, так і за яе межамі.
- Фірмовы стыль зрабіў прадукцыю больш прывабнай для сучасных спажыўцоў, натхняючы іх на свядомы выбар натуральных матэрыялаў.


Гэты праект — пра любоў да зямлі, пра беражлівыя адносіны да прыроды і прыгажосць простых рэчаў. Цяпер беларускі лён гучыць мацней, чым калі-небудзь.

«Назва Pole Kvetak, слоган «Мой родны лён», візуальная айдэнтыка — усё гэта адлюстроўвае прыродную прыгажосць, простасць і раскошу льняных вырабаў».
Аддзел маркетынгу Аршанскага льнокамбіната
«Стварэнне брэнда Pole Kvetak стала важным крокам для нашага камбіната. Мы звярнуліся ў Fabula Branding з задачай структураваць і раскрыць патэнцыял нашага iльну. Агенцыя правяла маштабную працу: даследавала гісторыю і традыцыі вытворчасці беларускага льну, прааналізавала рынак і канкурэнтаў, сфармавала дакладную стратэгію і сістэму камунікацыі. Але самае галоўнае — перадала душу брэнда, яго аўтэнтычнасць і глыбокую сувязь з культурай нашай краіны».


Аддзел маркетынгу Аршанскага льнокамбіната
«Дзякуючы Fabula Branding Pole Kvetak стала не проста прадуктам, а і гісторыяй. Гісторыяй, увасобленай у тканіне, эмоцыях і ўспамінах. Цяпер брэнд гатовы несці прыгажосць беларускага льну на новыя рынкі, у новыя дамы і пакаленні».






